Выйшла новая кніга Ўладзіміра Ліпскага

Сонца над галавой, У. Ліпскі7 лютага 2013 г. на ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы пры падтрымцы Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» прайшла прэзентацыя новай кнігі Ўладзіміра Ліпскага «Сонца над галавой».

Гэту аповесць-ліставанне Ўладзіміра Ліпскага можна смела назваць  педагагічнай паэмай. Яна для ўсіх: хто шлюбуецца, хто ўжо мае Дзіця, хто жадае навучыцца разумець і бачыць немаўля, хто імкнецца займець вернага сябра, хто хоча праверыць сябе, як настаўніка, хто не шкадуе сутак на выхаванне спадчынніка, хто хоча адчуць у Дзіцяці Божага Пасланніка.

Уладзімір Ліпскі ў новай кнізе “Сонца над галавой” застаецца верным свайму ўзнёсламу мастацкаму слову і высокай духоўнасці, якімі багата яго творчасць. Лісты пісьменніка да свайго ўнука Толіка ахопліваюць перыяд жыцця ад дня народзінаў хлопчыка да яго сямігадовага ўзросту.

Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” запрашае ўсіх, хто мае дачыненне да выхавання Дзіцяці, не прапусціць мудрую кнігу Ўладзіміра Ліпскага.

 

На пачатку жыццёвага шляху

02 красавiка 2013 года
"Звязда" № 60 (27425)


Творчасць Уладзіміра Ліпскага добра вядома і дарослым чытачам, і дзецям. За доўгія гады творчасці ім напісаны дзясяткі і "дарослых" кніг, і дзіцячых. Ён многія гады ўзначальвае Беларускі дзіцячы фонд, на рахунку якога вельмі шмат добрых спраў, у тым ліку і аздараўленне дзяцей, якія пацярпелі падчас чарнобыльскай аварыі. А яшчэ ён з 1978 года ўзначальвае адзіны ў краіне дзіцячы часопіс для малодшых школьнікаў "Вясёлка". Ужо можна з упэўненасцю сказаць, што, чытаючы яго, да роднае мовы далучалася не адно пакаленне беларускіх дзяцей. Уладзімір Сцяпанавіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Ён мае іншыя ўзнагароды, не толькі айчынныя, але і замежныя.

Але зараз гаворка не пра творчы партрэт пісьменніка, пра якога можна шмат сказаць добрага, а пра яго новую кнігу, якая выйшла сёлета ў выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" і называецца "Сонца над галавой". Аўтар абраў своеасаблівую форму — аповесць-ліставанне. Лісты (іх усяго 202) яго звернуты да маленькага ўнука Толіка — ад дня яго нараджэння і да першага класа.

Кніга гэтая пісалася па законах мастацкай літаратуры. Гэта не метадычныя парады маладым татам і мамам, як у першыя месяцы і гады даглядаць і выхоўваць немаўля. У ёй, вядома ж, адбіўся і вопыт Ліпскага-бацькі, Ліпскага-дзеда. Пісьменнік радуецца і першым крокам унука, і яго памкненням асвойваць гэты новы, пакуль што непазнаны для яго свет, і ненавязліва падказвае, як падтрымліваць гэтыя памкненні, пакідаць убаку тое, што потым у жыцці будзе непатрэбным. І нават шкодным. Пасля таго як чалавек нараджаецца, то менавіта ў сям'і, дзе расце, ён міжволі капіруе будучыя чалавечыя навыкі.
Як важна, каб на гэтым пачатковым этапе яго жыцця дзіця акружала любоў, павага, дабрыня дарослых. Аднаго толькі клопату пра здаровае фізічнае выхаванне мала. У здаровым чалавечым цельцы павінна фарміравацца і аснова духоўнасці. Найперш павага да роду свайго — каб чалавек на ўсё жыццё памятаў, якога ён роду і племені, ведаў, што ганьбіць свой род нельга.

Дарослыя вельмі часта не разумеюць, што дзіця з самага маленькага ўзросту здольная засвойваць такое, на што, здаецца, у яго яшчэ і не хапае розуму.

Сам Уладзімір Сцяпанавіч у свой час не паленаваўся даведацца пра свой род ажно да сямнаццатага калена, напісаў кнігу пра свой радавод і адначасова ўзнавіў у многім гісторыю сваёй вёскі.
А гэта ўжо прапісная ісціна, што любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сваёй "малой радзімы", да вёскі , да горада. Калісьці выдатны рускі пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі даў цудоўны адказ на пытанне: "А дзе яна, Радзіма? — А вунь там, за стагамі..."

Яшчэ асобу чалавека, з першых яго крокаў на зямлі фарміруе сама прырода. Упершыню ўбачаныя травы і кветкі, нават пякучка-крапіва — каб запомніў, што не да ўсяго можна дакранацца, не ўсім можна завалодаць.

І чым далей расце чалавек, трэба ведаць усё больш і больш, навучацца лічыць, каб атрымаць упадабанае. Прыйдзе час, і трывала ўстаўшы на ногі, ён захоча глядзець у неба, дзе не толькі сонца ўдзень, а ноччу — месяц, але і незлічоныя зоркі. Пазней яму захочацца зведаць таямніцу суровага лесу. Гэта ён здаля такі, а на самой справе там многа ўсяго цікавага: і смачныя суніцы, і нечаканыя такія вялікія грыбы баравікі ці генералы ў чырвоных фуражках — падасінавікі. А потым чалавек заўважыць у траве порсткіх конікаў і павольных смаўжоў, а ў плыткай вадзе ў сажалцы шмат маленькіх рыбак, з якіх вырастуць такія вялікія, якія часам ловіць дзед, а можа ўдасца злавіць і табе самому...

Пасля будуць паездкі: спачатку — недалёкія, а потым і на вялікія адлегласці. І дзядуля ці тата будзе расказваць пра гісторыю зямлі, на якой ты жывеш, пра мужных і адданых Радзіме яе героях, якім збудаваны помнікі. І ты міжволі, яшчэ падсвядома, запомніш слодыч і радасць блізкіх і далёкіх дарог. Прыйдзе час — і цябе пачнуць хваляваць такія простыя словы як "вакзал", "цягнік"...

Паціху прыйдзе навука складваць словы, і цябе захопіць хараство мовы, тое, што напісана пра герояў. Якое ж дзіцячае сэрца не затрымціць ад жадання палёту пасля таго, калі маленькі чалавек прачытае вялікага Янку Купалу:


Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык

І ўмею ўжо лётаць у сне...


Вось так ненавязліва, літаратурна праводзіць свайго ўнука Уладзімір Ліпскі па першых гадах яго жыцця, разам з ім паказвае бацькам, на што і як трэба звярнуць увагу, чым зацікавіць малога. Любому дзіцяці будзе цікава ведаць, колькі варыянтаў яго імені мае наша багатая беларуская мова. Напрыклад, імя ўнука Ліпскага "Толік", аказваецца, па сведчанні акадэміка Бірылы, мае звыш трыццаці варыянтаў.

Увогуле, кніга "Сонца над галавой" атрымалася, на маю думку, цікавай, карыснай і дарослым, а фрагменты, старонкі, раздзелы з задавальненнем паслухаюць і самі дзеці.

Такім чынам, Уладзімір Ліпскі зрабіў падарунак не толькі свайму ўнуку, але і ўсім беларускім дзецям на пачатку іх жыццёвага шляху. Ім ажыццёўлена яшчэ адна добрая задумка: выдадзены пробны нумар ілюстраванага часопіса "Буся" для дзяцей дашкольнага ўзросту. Ён ужо зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі і цяпер знаходзіцца ў дарозе да сваіх юных чытачоў.

Алесь Жук,
лаўрэат Дзяржаўнай
прэміі Рэспублікі Беларусь