| З Машэравым па нябесных дарогах |
|
|
|
|
Гутарка з лётчыкам Мялешыным В. В., які восем гадоў абслугоўваў пасажыра № 1
Мы пабывалі тады ва ўсіх абласных цэнтрах, сустракаліся з моладдзю і ветэранамі. У кожную хвіліну я адчуваў, што разам з намі, актыўна і зацікаўлена ўдзельнічае ў агітпералёце паважаны лётчык Віктар Мялешын. Мы ўсе ведалі, што ён возіць самога Машэрава, па тым часе першую асобу Беларусі, і як бы крыху пабойваліся яго, асцярожнічалі з ім. Але добрая і шчырая ўсмешка лётчыка, простая, наросхрыст душа вельмі хутка ўмацавалі ў пілоцкім і пасажырскім экіпажах поўны давер і сяброўскія адносіны. Праз шмат гадоў, напярэдадні юбілея П. М. Машэрава, мы сустрэліся з Віктарам Васільевічам Мялешыным і я задаў яму некалькі пытанняў, якія не паспеў задаць тады, у агітпералёце. — Скажыце, Віктар Васільевіч, як вы трапілі паветраным перавозчыкам урадавага самалёта? — Было гэта ў той час, калі ўсе мы спявалі песню: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз”. Я нарадзіўся ў Сібіры ў сям’і партыйнага работніка і настаўніцы. Закончыў школу, лётнае вучылішча, служыў у арміі. А пад час скарачэння ваенных кадраў выбраў сваім новым адрасам Беларусь. Спачатку лятаў другім пілотам, пасля камандзірам пасажырскага самалёта Іл-14. Праз дванаццаць гадоў лётнай практыкі мне даверылі галоўны самалёт рэспублікі. — Як гэта адбылося? — Здаецца, усё проста. Падыйшоў да мяне камандзір нашай эскадрылі і сказаў: “Віктар, твой экіпаж лепшы, трэба перавучвацца лятаць на ЯК-40. Гэта самалёт Саўміна, на ім будуць лятаць кіраўнікі партыі і ўрада”. Я ўзяў пад казырок. І пачалі мы з экіпажам абжываць новы самалёт. Трэба было мець пяцьсот гадзін палётаў. І мы “набівалі руку і вока”, як кажуць, дзень і ноч... — Ці помніце першы палёт з Пятром Міронавічам Машэравым? — Як жа, помню. Ляцелі з Унукава ў Мінск. Я даклаў яму пра гатоўнасць экіпажа і самалёта, пра надвор’е на трасе. Ён паздароўкаўся з намі ўсімі за руку. Скупа ўсміхнуўся: “Паехалі”. Яму спадабаліся і самалёт, і наша праца. З таго дня наш лайнер стаў планетным, усесаюзным, не ведаў межаў... — Ваша першае ўражанне ад сустрэчы з Пятром Машэравым? — Яно было вельмі моцным, узрушаным. Праз гады праношу памяць пра Пятра Міронавіча, як чалавека душэўнага, добрага і глыбока інтэлігентнага. Вельмі любіў людзей і родную Беларусь. Часта ў салоне гаварылі па-беларуску, асабліва калі ляцела яго сям’я. Былі на борце і пісьменнікі, і вучоныя, і мастакі... — Куды звычайна ляталі? — Падчас пасяўной і ўборкі аблётвалі амаль усе палеткі Беларусі. Рабілі дзве аднолькавыя карты: для лётчыкаў і для Пятра Міронавіча. І дакладвалі яму, дзе ляцім. Палёты выконвалі на абмежавана малой вышыні і хуткасці. Пасля прыпынку ў нейкім аэрапорце першы сакратар ЦК КПБ перасаджваўся ў машыну і ехаў па калгасных палетках, праводзіў нарады. Часам нам аддаваў свой лімузін, мы ехалі адпачываць у гасцініцу, а ён садзіўся ў машыну старшыні калгаса. Былі ў нас і далёкія маршруты. Пабывалі ў сталіцах усіх саюзных рэспублік, ва ўсіх гарадах Беларусі... — Як вы адчувалі сябе ў такіх паездках? — Вельмі ўсё было проста і даверліва. Абедалі звычайна за адным сталом з пасажырам нумар адзін. Аднойчы, у Белавежскай пушчы нам дазволілі схадзіць у грыбы. Пётр Міронавіч убачыў мой абутак, здзівіўся: “Гэта вы ў лакіроўках сабраліся ў лес?” І вынес мне свае боты з цёплым мехам. Пасля пацікавіўся, колькі сабралі грыбоў, ягад... Аднаго разу ляцелі па Віцебскай і Магілёўскай вобласцях у навальніцу. Калі прызямліліся, я спытаў у Пятра Міронавіча: “Вы, напэўна, стаміліся лятаць?” А ён адказаў: “Калі б у вас хапіла паліва, я б яшчэ гатоў ляцець. Я не стамляюся ў вашым самалёце...” Мы здзіўляліся, у паездках Пётр Міронавіч працаваў па 14—15 гадзін... — А ці ўсе пасажыры вашага самалёта былі такімі добрымі, працавітымі? — Вельмі адказных людзей вазілі. Але былі пасажыры, якія запомніліся крыху па-іншаму. Прывезлі аднойчы нейкага намесніка міністра ў Полацк. Ён за папку і ў машыну. Я наўздагон пытаю: “Калі назад ляцім?” Буркнуў: “Вечарам”. Гэта ж не адказ. Нам трэба дакладна ведаць, калі вылятаем, узгадніць палёт з проціпаветранай абаронай, “заказаць” надвор’е... — А што рабілі, калі пасажыру № 1 трэба ляцець, а надвор’е не дазваляла? — Ой, быў адзін выпадак, які асеў у сэрцы на ўсё жыццё. Мы прыляцелі забраць Пятра Міронавіча з Белавежскай пушчы. Надвор’е было хісткім. З заходняй Еўропы ішоў цыклон. Я ўсю ноч не спаў. Сачыў, як рыхтавалі ўзлётную паласу, сазваньваўся з сіноптыкамі. Раніцай правялі высокага госця з Кубы Рауля Кастра. Ён ляцеў на вялікім самалёце ў Ташкент. Трэба і нам па графіку ўзлятаць, але я атрымаў звесткі, што буран можа нас нагнаць у дарозе. Прапанаваў Пятру Міронавічу перачакаць пару гадзін. Ён як бы і пагадзіўся, але яго таварышы сказалі, што надзейней ехаць машынамі. Тое іх вяртанне ў сталіцу было апошнім для старшыні прэзідыуме Вярхоўнага Савета Сурганава і генерала Бяды. Пра аўтакатастрофу мы даведаліся, калі прыляцелі паражняком у Мінск... — Цяпер у нашай сталіцы ёсць вуліца Машэрава, Сурганава, Бяды. Ці бываеце там? — Бываю, калі выпадае час, але вельмі хвалююся. У маёй душы гэтыя вялікія людзі заўсёды як жывыя. Не магу ўявіць, што памяць аб іх калі-небудзь згіне. За восем гадоў былі сотні паездак з Пятром Міронавічам Машэравым. Я быў сведкам, як людзі праяўлялі да яго сваю шчырую любоў. Часта падыходзілі і да нас, лётчыкаў, казалі: “Як жа нам, беларусам, пашанцавала з такім кіраўніком”. Прайшло ўжо шмат гадоў пасля нашага апошняга палёта, а я і цяпер чую клапатлівы голас Машэрава: “Ну што, камандзір, паляцім?” — “Паляцім, Пётр Міронавіч. І я прадаўжаю свой жыццёвы “палёт” з добрай памяццю пра слаўнага сына Беларусі — Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Міронавіча Машэрава.
Гутарку вёў Уладзімір ЛІПСКІ, "Народная Газета", № 28, 13.02.2008 |





Віктара Васільевіча Мялешына я ведаю з 1980 года. Ён, камандзір паветранага лайнера ЯК-40, восем дзён выконваў заданне самога Пятра Міронавіча, вазіў нашу камсамольскую дэлегацыю па ўсёй Беларусі. Агітпералёт прысвячаўся юбілею рэспубліканскага камсамола. У склад той шаноўнай дэлегацыі ўваходзілі Герой Савецкага Саюза, лётчык-франтавік, які здзейсніў чатыры тараны на фашысцкія самалёты, Барыс Іванавіч Коўзан, кампазітар Валерый Іваноў, паэт Уладзімір Някляеў, штангіст Леанід Тараненка, навуковец Аляксандр Пятроў. Мне даручана было ўзначаліць камсамольскую дэлегацыю.