| Паэтычная душа |
|
|
Іван Гурбан… Ён у маёй памяці – сціплы, негаваркі, паважлівы, рахманы, добры, шчодры, сяброўскі. Ён з тых, хто адбыўся як Чалавек. Ведаў кошт хлебу, любіў зямны рай, бачыў хараство наўкол, умеў цаніць людзей, выхоўваў дзяцей па сваёй сялянскай педагогіцы. Ён з тых Іванаў, якія на ўсе праявы жыцця маюць свой розум, якія ўмеюць даражыць кожным дзянёчкам на белым свеце, якія любяць аддаваць і вераць, што ўсё добрае, аддадзенае табой, абавязкова вернецца табе. Вось так праз многія гады зямных радасцей і пакут да Івана Гурбана завітала прызнанне. Яно пачалося ці не з “Вясёлкі”, куды ён аднойчы прынёс і даверыў нам свае вершы. Яны былі напісаны на розных аркушах паперы. Асобныя з іх мелі выгляд зачытаных старонак, скрэмзаных, выпраўленых, з адзнакамі спацелых, сялянскіх рук. Ён хваляваўся, быццам юнак. Усё паўтараў, што, відаць, рана асмеліўся паказаць вершы, мо трэба было іх спаліць у печы. Я супакоіў яго і паабяцаў, што мы некаторыя з яго вершаў абавязкова надрукуем. Праверым яго творчасць на нашых юных чытачах, самых строгіх і патрабавальных. Так у “Вясёлцы” з’явіліся вершы Івана Гурбана “Гуляем у калгас”, “Агародчык”, “Падмагаткі”. І мы ўсе паверылі, што ў дзяцей з’явіўся не проста новы аўтар, а мудры настаўнік, дзед-усёвед, верны сябар. Паверылі і не памыліліся. У 1994 годзе Іван Яфімавіч Гурбан быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Дзецям ён паспеў напісаць тры кнігі вершаў – “Чубаценькі будзільнік”, “Калі ветрык спачывае”, “Пахі вясны”. Вельмі шкада, што на творчым узлёце абарвалася жыццёвая струна Івана Гурбана. Я часта прыгадваю яго, прыкметнага нясвіжаніна. Помняць, веру, і тыя, хто ішоў з ім зямнымі дарогамі, і тыя, хто далучыўся да яго не вельмі кідкай, моднай паэзіі, але жыццёва выверанай, з высокай мараллю і адрасаванай усім тым, хто хоча стаць Чалавекам. Ці ж гэта не галоўнае ў нашым гасцяванні на Зямлі?
Уладзімір Ліпскі, прадмова да юбілейнай кнігі паэта Івана Гурбана |