| Акрылены Мадоннамі |
|
|
Дзе вырашаецца лёс Чалавека: на зямлі ці ў нябёсах, у спадчынных генах ці ў радаводных каранях? А лёс кожнага зямляніна – гэта што: яго радасці і мукі ці творчасць і зарплата, узнясенне і пракляцце ці пот і талент? Урэшце, для чаго прыходзіць Чалавек на Зямлю, з якой місіяй? Хто яму адкрывае браму жыццёвага раю: Бацькі ці Святы Дух? Мастак Аляксей Кузьміч божыцца, што трапляе ў снах у сонечную плазму, сустракаецца і гаворыць з самім панам Богам. Можа, вышэйшыя сілы і скіравалі яго душу, мозг, талент, каб узвысіць Мадонну на п’едэстал яго мастацтва? Так ці не, але святланосная творчасць чараўніка фарбаў Аляксея Кузьміча выклікае сотні пытанняў пра жыццё ў вечнасці і смерць пры жыцці, пра сапраўдную прыгажосць і скарбы дабрыні, пра міласэрднае сэрца і здзекі дз’ябла. У нашым Дзіцячым фондзе другі дзесятак гадоў вісіць карціна Аляксея Кузьміча “Беларуская Мадонна”. Ён прынёс свой шэдэўр на тэлемарафон, які мы праводзілі ў тэатры оперы і балета. Выйшаў на сцэну са сваёй Музай, жонкай Інэсай, і сказаў, ідучыя ад сэрца, пранікнёныя словы: – Хай жа мая Мадонна блаславіць Дзіцячы фонд на міласэрдны подзвіг. Хай жа мая Мадонна настомна моліцца за беларускіх дзетак... І я магу з поўнай адказнасцю пацвердзіць: Кузьмічова “Мадонна” не проста вісіць на сцяне ў Дзіцячым фондзе, яна актыўна працуе ў нашай дабрачыннай грамадскай арганізацыі. Заходзяць замежныя і айчынныя дабрадзеі, доўга ўзіраюцца ў абаяльны лік святой беларускі, якая прытуліла да грудзей сваю кроху, і раптам уздыхаюць: – А чаму мама-красуня такая сумная? Чаму вочы яе набрынялі слязьмі?.. Адказы шукаем разам за сталом перамоў, калі з болем гаворым пра дзетдомаўцаў, сацыяльных сірот, пра здароўе дзяцей-чарнобыльцаў, пра жанчын, якіх суды пазбаўляюць права мацярынства. Хіба можа ўсё гэта спакойна бачыць святая Мадонна, прадаўжальніца роду чалавечага?. Сам мастак Аляксей Кузьміч тлумачыць трывогу сваіх Мадоннаў з вышыні тайнаў мастацтва: – Малюю прыгажуню, натхнёна і ўзнёсла дачыркваецца мой пэндзаль да палатна. Прасвятляецца Божы, мацярынскі твар. І раптам нечаканы штуршок у маю душу, як бы зверху, ад таго, хто кіруе маім талентам. Мазок, другі... і на прывабным твары Мадонны – пячатка глыбокага роздуму і вечнага болю за нашчадкаў сваіх, за сям’ю, за дзень заўтрашні, за будучае планеты, на якой ўсе мы касмічныя вандроўнікі. Вось так, праз вобраз беларускай Мадонны, мастак выходзіць на сямейныя, дзяржаўныя, агульна зямныя, планетарныя праблемы. Вырашаць іх Пра Аляксея Васільевіча Кузьміча і яго семсот Мадоннаў можна пісаць кнігу, манаграфію, дысертацыю. Я ж пішу пакуль што сяброўскае слова юбіляру. І шукаю адказ на адно-адзінае пытанне: хто і калі ўдыхнуў у яго душу высокае мастацтва, якая зямная Мадонна акрыліла яго сэрца? Здаецца, я блізкі да моманту ісціны. Сярод Мадоннаў Кузьміча ёсць адна, ад якой нельга адвесці вачэй. Гэта яго мама Аляксандра. Яе ў маладосці звалі Русалкай. Жыла на хутары, сярод жывой прыроды. Яе не палохаліся дзікія птушкі, яе любілі лясныя звяркі. Сярод лугавых кветак яна сама – найлепшая краска. А на сынавым палатне мы бачым мудрую, сталую жанчыну, але ў ёй захавана даўнейшая статнасць і мілавіднасць. Яна нарадзіла дванаццаць дзяцей. А калі вярнуўся з вайны яе каханы муж Васіль, на радасцях вынасіла яшчэ сынка Аляксея, Аляксейку, Лёшу, як у іх в.Махро кажуць, Ляксейку. Апошненькі і стаў надзеяй Мамы, асабліва пасля таго, як на яе руках сканаў з асколкамі ў целе муж і бацька Васіль. З трывогай за лёс і здароўе свайго апошненькага сынка дажывала зямныя гады Аляксандра Максімаўна. На карціне адразу прыкмячаюцца спрацаваныя рукі сялянкі і праніклівыя вочы маці. Яна як бы пільна ўзіраецца ў кожнага, хто хоча з ёй пазнаёміцца і просіць-моліць усіх: “Людзі, беражыце майго Аляксейку, не крыўдзіце ранімага, не крываўце яго чуллівую душу, не злоўжывайце яго адкрытасцю, дабрынёй і шчодрасцю”. Мальбу, просьбу маці як бы перахапіла, пераняла ў сямейную спадчыну жонка Аляксея, мінская міс-прыгажуня Інэса. Яе, нябесную і святую, шукаў мастак доўга і пакутна. Ды вось жа сустрэў нечакана на сталічнай вуліцы і не мог адарваць позірку, і перакрэсліў усіх натуршчыц, якія былі дагэтуль, і зразумеў, што ўрэшце знайшоў свою адзіную, жаданую і чаканую, выбраную і пасланую яму самім Госпадам. Вось яна, Інэса Іосіфаўна, і стала яго Мадоннай, яго крыламі і натхненнем, эталонам прыгажосці,самай узорнай, вернай жонкай, пяшчотнай цярплівіцай-мамай з вечнай трывогай за лёс і здароўе сваіх дзяцей. Яе вочы, яе прывабны твар, яе сонечную прычоску і загадкавую ўсмешку ўсе мы пазнаем у мастацкіх Мадоннах Аляксея Кузьміча. Я шчыра радуюся за духоўнага брата, што ён верны сваёй тэме, свайму мастацкаму почырку і густу, верны сваёй Мадонне і сваёй сям’і, слаўна прадаўжае род Кузьмічоў, які радаводнымі каранямі ўваходзіць у сівую даўніну і чэрпае жывільную сілу ў знакамітых прашчураў. Я сардэчна віншую Аляксея Кузьміча з паўналеццем, з яго творчымі здабыткамі, якіх спаўна хопіць на цэлы храм Мадоннаў, унікальны музей святасці і ачышчэння, пра які сніць і марыць мой таленавіты, пацалаваны Богам сябра. У цябе, мой дружа, усё ёсць. Ты бедны на грошы, але багаты душой. Ты не аблашчаны ўзнагародамі і званнямі, але ты ўзвышаны шчырай любоўю тысяч сваіх паклоннікаў. Вось твой “ордэн” ад настаўніцы Наталлі Вайцяховіч з в.Возера Уздзенскага раёна: “Дзякуй Аляксей Васільевіч за Ваша пакланенне Мадонне, за Ваш бясцэнны дар людзям. Відаць, Бог пачуў малітвы жанчын Беларусі, і ў нас з’явіўся свой Рафаэль”. Дарагі Аляксей Васільевіч, у дзень твайго юбілею жадаю табе аднаго – Здароўя. Усё астатняе, як кажуць мае зямлякі-аўцюкоўцы, куды яно дзенецца. І хай твае Мадонны будуць запатрабаваны людзьмі, хай нададуць ім духоўнай моцы, каб ніколі-ніколі не перасохла гаючая крынічка нашай славянскай чысціні. Каб пра твой творчы подзвіг, Аляксей Васільевіч, даведаўся ўвесь свет, тады і ўведае свет пра ахвярных беларускіх жанчын, пра нашу мілую Беларусь. Ты гэтага хочаш і жадаеш. Божа, хай жа так будзе!
Уладзімір ЛІПСКІ, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі.
|