Мой украінскі брат PDF Печать E-mail

chalyiБагдан Чалы жыве на Украіне. Ён – даўні і верны сябар Беларусі і “Вясёлкі”. Яго казкі, вершы друкаваліся ў нашым часопісе. Ён бываў у рэдакцыі, мы разам з ім выступалі перад беларускімі дзецьмі.

Багдан Іосіфавіч доўгі час працаваў галоўным рэдактарам украінскага часопіса для дзяцей “Барвінак”. Напісаў шмат казак, якія сталі класікай дзіцячай літаратуры. Асабліва палюбіліся нашым чытачам казкі “Як Барвінак стаў героем”, “Як Барвінак і Рамонак у вырай ляталі”, “Барвінак і вясна”, “Барвінак у школе”.

Вядомы пісьменнік Украіны, лаўрэат Міжнароднага Ганаровага дыплома імя славутага казачніка Х.К. Андэрсена, ён, Багдан Чалы клапаціўся і пра тое, каб дзеці яго краіны ведалі творы беларускіх пісьменнікаў, каб шанавалі гісторыю краіны-суседкі. Багдан Чалы перакладаў вершы Максіма Танка, Васіля Віткі, Артура Вольскага, Анатоля Вялюгіна.

Ён адкрыў сваім чытачам і маю кнігу “Крутыя вёрсты” – пра Героя Савецкага Саюза Зінаіду Тусналобаву-Марчанку, якая вярнулася з вайны без рук і без ног. Гэта аповесць у перакладзе Багдана Чалага двойчы выходзіла ў Кіеве.

Разам з Багданам Чалым мы напісалі кніжку “Любі мяне пры ўсякай долі”. Гэта хвалюючая дакументальная аповесць пра вывезеную ў час вайны ў Германію моладзь з Беларусі і Украіны. Кніга выдадзена і ў Берліне.

Багдан Іосіфавіч Чалы – актыўны ўдзельнік вайны. Закончыў яе пераможным маршам у Берліне. Пра той час ліхалецця ёсць яго вершы, успаміны, публіцыстыка. А нядаўна я атрымаў ад украінскага сябра унікальны дакумент вайны. На невялікай, пажоўклай ад часу паперцы, выдадзенай яму ў Рэчыцы, аб’яўлена падзяка пісьменніку Багдану Чаламу за творчую дапамогу ў афармленні рэчыцкай “Зары Камуны”. Спадзяюся, што “Днепровец” надрукуе гэты дакумент поўнасцю.

У сваім пісьме да мяне Багдан Іосіфавіч тлумачыць:

“Быў я запрошаны на тэлебачанне. Прыгадваў вайну. І раптам вядучы праграмы абдымае мяне: “Дык гэта вы напісалі ў Рэчыцы верш пра майго дзядзьку Варанчука, героя фарсіравання Дняпра!..” Нябесныя сілы адразу кінулі мяне ў бок таго чароўнага і шматпакутнага краю. Прыгадалася, як я пасля заканчэння пяхотнага вучылішча ў Асеціі і пасля ранення трапіў у рэзерв палітупраўлення. Адтуль, відаць, і кінулі мяне на выпуск першага нумара рэчыцкай “Зары Камуны”. Тут апынуўся пасля баёў і Варанчук, пра якога я і напісаў верш. Ці не першымі мяне назвалі “пісьменнікам” мясцовыя рэчыцкія хлопцы.

Пасля перадачы па тэлебачанні мая жонка Дзіна, слаўная беларусачка, заслужаная артыстка Украіны, знайшла ў маім старым архіве гэты ваенны дакумент. Пасылаю табе, Валодзя, каб ведаў, што і я нешта рабіў дя тваіх землякоў...”

Давайце, землякі, нястомна адшукваць новыя старонкі нашай далёкай і блізкай гісторыі. Навучымся быць удзячнымі ўсім-усім, хто здабываў для нас жаданую перамогу, хто і цяпер спрыяе росквіту нашага роднага Рэчыцкага краю.

УЛАДЗІМІР ЛІПСКІ

P.S. На вялікі жаль Багдан Чалы перасяліўся ўжо ў Царства Нябеснае. Вечная памяць майму Сябру!