“Што раблю? – Жыццё люблю!” PDF Печать E-mail

Ліпскі Уладзімір Сцяпанавіч нарадзіўся 6 мая 1940 г., у маленькай вёсачцы Шоўкавічы, што на Палессі, у Гомельскай вобласці, Рэчыцкім раёне.

“Шоўкавічы адкрылі мне свет, – зазначае Уладзімір Ліпскі. – Гэта незабыўна дарагія мясціны. Здаецца, што тут самыя шчырыя людзі. Мудрыя  ад неба, багатыя ад зямлі, душэўныя ад божай прыгажосці, якой надзелены Шоўкавічы”.

Святой на ўсё жыццё засталася для Уладзіміра Ліпскага Мама (гэта слова ў дачыненні да яе сын заўсёды піша з вялікай літары). “На яе малюся і зараз”, – гаворыць пісьменнік. Ён прысвяціў ёй кнігу, якую назваў проста і велічна – “Мама. Малітва сына”.

Ад Бацькі Уладзіміру Ліпскаму ў спадчыну перапaлi яго сшыткі, у якіх ён штогод i штодня старанна запісваў, што paбiў у калгасе.Тыя сшыткі натхнілі пісьменніка напісаць аповесць “Лаўрэнавы працадні”. А пазней  з'явілася кніга “Бацька. Пісьмы сына”.

Уладзімір Ліпскі працоўную дзейнасць пачаў у 1960 годзе на Гарадзейскім цукровым заводзе пасля заканчэння Мінскага тэхнікума харчовай прамысловасці. На заводзе ён прайшоў шлях ад слесара да інжынера, старшыні прафсаюзнага камітэта. Ён адзіны ў шматдзетнай сям’і атрымаў вышэйшую адукацыю, скончыўшы ў 1966 г. факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта. Працаваў у Нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”, у Нясвіжскім райкаме камсамола, у ЦК ЛКСМ Беларуси.

липскийУ 1971 г. з’явілася яго першая кніга публіцыстыкі “Райкомаўскія будні”. У тым жа жанры напісаны таксама “Дзень за днём” (1973), “Знайдзі сябе” (1974), “Якое яно, шчасце?” (1977), кніга-нарыс “Прыдзвінскі цуд” (1975).

У 1976 г. -- новая прыступка ў жыцці Уладзіміра Ліпскага – Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе ён працаваў адказным сакратаром, многае зрабіў для асвятлення дзейнасці Саюза на старонках рэспубліканскага друку, для ўмацавання творчай арганізацыі.

У 1978 г. па рэкамендацыі народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна Уладзімір Ліпскі быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”. За гады шчыравання ў гэтым выданні яму ўдалося стварыць плённы творчы калектыў рэдакцыі, вывесці “Вясёлку” на ўзровень лепшых дзіцячых часопісаў Еўропы, аб чым сведчаць шматлікія падпісчыкі і міжнародныя ўзнагароды. Пісьменнік стварыў цікавыя кніжкі для дзяцей: “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”, “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска”, “Як Бог стварыў свет”, “Наша Маша”, “Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка”, “Прыгоды Нуліка”, “Вясёлка над Неманам”, “Я тут жыву” і іншыя. Многія творы пісьменніка інсцэніраваны, гучалі на радыё і ажылі на блакітным экране. За кніжкі “Вясёлая азбука” і "Падкідыш" Ул. С. Ліпскаму прысуджана Літаратурная прэмія імя Янкі Маўра.

У той жа час Уладзімір Ліпскі становіцца кіраўніком Беларускага дзіцячага фонду. “Кожны, хто ведаў здольнасці і нястрымную энергію Уладзіміра Ліпскага, яго адданасць дзецям, – зазначаў Васіль Вітка, – упэўнены, што гэта была адзіная кандыдатура, якой, як цяпер кажуць, не магло быць альтэрнатыў”.

Праца ў Дзіцячым фондзе адкрыла магчымасць для здзяйснення запаветнай мэты Уладзіміра Ліпскага – служыць дзецям, змагацца за іх шчасце. “Дзіцячы фонд, – падкрэслівае ён, – гэта мая партыя, мая палітыка. Я заступаюся за дзяцей усімі сродкамі. Я адчуваю, што не выжываю, а жыву!..”

На гэтай пасадзе ён пазнаў жыццё ва ўсіх складаных супярэчнасцях, сэрцам дакрануўся да тысяч лёсаў дзяцей і дарослых. Многае перадумаў, асэнсаваў па-новаму і напісаў кнігу, сама назва якой апякае болем, – “Падкідыш” (1992). Уладзімір Ліпскі выдаў таксама кнігу-дзённік “Бацькі і дзеці” (1995, 2002), дакументальную аповесць пра сваіх землякоў “Адпяванне жывых” (1993). Гэтыя кнігі яднае агульнасць праблематыкі і галоўнае – пафас, які можна выказаць наступнымі словамі аўтара: “Людзі! Давайце зробім усё, што ў нашых сілах, каб нашы дзеці не згубілі Веру, Надзею і Любоў!”

Вынікам шматгадовага пошуку стала кніга Уладзіміра Ліпскага “Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод” (1998). “Гэта кніга-ўчынак, кніга-подзвіг”, – так сказаў паэт Анатоль Вярцінскі, а кандыдат гістарычных навук, тагачасны старшыня камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхальчанка назваў Уладзіміра Ліпскага “Калумбам беларускіх архіваў”. Ён адзначыў таксама, што дакументаў, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу, “хапіла б на дысертацыю доктара навук”.

У наступнай кнізе Уладзіміра Ліпскага – “Аўцюкоўцы” (1995, 2000) -- сабраны анекдоты, смешныя (а часам і крыху сумныя) здарэнні, гісторыі, запісаныя аўтарам з вуснаў сялян вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі. Большасць жыхароў Беларусі ведаюць, што дзякуючы гэтай кнізе і энтузіязму Уладзіміра Ліпскага, Аўцюкі сталі цэнтрам, сталіцай нашых рэспубліканскіх фестываляў народнага гумару.

Уладзімір Ліпскі выдаў шмат кніг, аповесцей, казак, нарысаў. У многіх калектыўных зборніках, школьных падручніках і чытанках змешчаны яго творы. Асобныя кніжкі выйшлі з друку ў Маскве, Вільнюсе, Кіеве, Кемераве, Ташкенце, Берліне. Асобай папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца кнігі “Крутыя вёрсты” (пра жыццё і подзвіг Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка), “Люби меня при всякой доле” (у сааўтарстве з украінскім пісьменнікам Багданам Чалым), дакументальна-мастацкія аповесці “Урокі Купрэвіча”, “Нарачанская чайка”, “Басанож па зорках”, “Янкаў вянок”, “Мужык”.

У 2001 г. Уладзіміру Ліпскаму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, ў 2005 г. – прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, у 2007 г. – Ордэн “Францыска Скарыны” за нумарам 109.

Разам з жонкай Нінай, выгадаваў двое дзяцей — сына Iгapa i дачку Марыну. Растуць унукі Антон, Маша, Толя. Пра дзяцей кнігі – “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”. Пра ўнукаў “Антонік-Понік” і “Наша Маша”. “Саспела” і новая кніга пра Толю – “Сонца над галавой”, аповесць-ліставанне.

Любоў да жыцця, уменне даражыць кожным днём, сустракаць яго, як свята, Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нясе праз гады. “Што раблю? – Жыццё люблю!” – шчыра, з маладым запалам піша ён. І маладосць сапраўды з ім. Пісьменнік  у віры жыцця.

Не выжываю. а жыву, У. Ліпскі

 

Па матэрыялах кнігі-дапаможніка пра У.Ліпскага "Не выжываю, а жыву!..",  2005 г., выд. "Адукацыя і выхаванне”

аўтар -- Маргарыта Яфімава, кандыдат гістарычных навук

 

Чытаць кнігу М. Яфімавай пра Уладзіміра Ліпскага "Не выжываю, а жыву!.."